Маладыя апазіцыянеры атрымалі тлумачэнні ад нямецкага амбасадара

8 лютага маладыя палітыкі Павел Севярынец, Алесь Міхалевіч і Зміцер Дашкевіч сустрэліся з амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі Гебхардтам Вайсам. Нагадаем, некалькі дзён назад яны накіравалі нямецкаму амбасадару адкрыты ліст, у якім прасілі растлумачыць пазіцыю Нямеччыны ў дачыненні да афіцыйных уладаў Беларусі і патлумачыць, ці ўзгоднена наступная пазіцыя з агульнаеўрапейскай.
Падставай для такога ліста стала апошняя сустрэча Гебхардта Вайса з Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой беларускі прэзідэнт выказаў падзяку амбасадару за тую пазіцыю, якую ён займае ў нашай краіне. У сваю чаргу нямецкі дыпламат заклікаў Лукашэнку "не глядзець назад, а глядзець наперад".

Падчас сустрэчы з маладымі палітыкамі амбасадар патлумачыў свой візіт да Лукашэнкі і адзначыў, што вызваленне палітвязняў і спыненне новых крымінальных спраў, заведзеных на моладзевых актывістаў, з’яўляецца галоўнай перадумоваю дэмакратызацыі Беларусі. Пра гэта распавёў Зміцер Дашкевіч.

“Было ўзнята пытанне полацкай маладафронтаўкі Кацярыны Салаўёвай, на якую заведзена крымінальная справа “за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі”. Спадар Гебхарт абяцаў сачыць за развіццём падзеяў і прыкладаць усе намаганні як на міжнародным, так і на вышэйшым афіцыйна-беларускім узроўні для хутчэйшага спынення гэтай незаконнай крымінальнай справы”.

"Малады фронт"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі