Маладыя беларусы сустрэліся з Далай-ламам і Валэнсам

Актывісты беларускай моладзевай апазіцыі 5 снежня сустрэліся з Далай-ламам XIV і Лехам Валэнсам. Сустрэча адбылася ў Гданьску, дзе праходзіць канферэнцыя "Салідарнасць для будучыні", прысвечаная 25-й гадавіне атрымання Нобелеўскай прэміі міру заснавальнікам і лідэрам польскай "Салідарнасці", былым прэзідэнтам Польшчы Лехам Валэнсам. Пра гэта БелаПАН паведаміў каардынатар руху "Маладая Беларусь" Цімафей Дранчук. Удзел у канферэнцыі бяруць прадстаўнікі руху "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч, Зміцер Каспяровіч, Цімафей Дранчук, прадстаўнікі руху "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, кіраўнік "Моладзі БНФ" Франак Вячорка і фотакарэспандэнт газеты "Наша ніва" Юлія Дарашкевіч. З 1 снежня актывісты апазіцыі знаходзяцца ў Польшчы ў складзе больш чым 200 прадстаўнікоў з усяго свету. Падчас праграмы "Экспрэс Салідарнасці" актывісты наведалі Кракаў і канцэнтрацыйны лагер "Асвенцым", Варшаву і цяпер знаходзяцца ў Гданьску, дзе адбываецца заключная частка праграмы — "Моладзевы форум". "У сваім выступленні Далай-лама XIV выказаў надзею, што моладзь, якая прысутнічае на форуме, абавязкова дасягне міру ў сваіх краінах. Таксама ён адзначыў, што салідарнасць — адзін з чыннікаў поспеху ў змаганні за свабоду і справядлівасць", — адзначыў Ц.Дранчук.
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі