Маці асуджаных у Беларусі за "траўку" пачалі бестэрміновую галадоўку
Ілюстрацыя: Saudi Gazette
Маці асуджаных у Беларусі за "траўку" пачалі бестэрміновую галадоўку. Пра гэта Еўрарадыё распавяла лідарка "Матчынага руху 328" Ларыса Жыгар. Патрабаванне руху — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, прысвечаная дэкрыміналізацыя правінаў, звязаных з "лёгкімі" наркотыкамі.
"Мы пачалі бестэрміновую галадоўку. Ужо пачынаюць пад'язджаць маці, як галадоўніцы, так і з групы падтрымкі. Едуць з усіх куткоў Беларусі — з Гомеля, Магілёва. Жлобіна, Мазыра – адусюль. Тут пакуль што чатыры чалавекі з тых, хто будзе галадаць", — распавядае Еўрарадыё Ларыса Жыгар. Яна — адна з маці, якія бяруць удзел у галадоўцы.
Галадоўка праходзіць на прыватнай тэрыторыі, у вёсцы пад Мінскам. Тут стаяць палаткі галадоўніц, побач — поле.
Што павінна адбыцца, каб галадоўка спынілася?
"Самае галоўнае патрабаванне — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Мы хочам, каб ён пачуў нашу праўду, а не толькі тое, што кажуць чыноўнікі, МУС і гэтак далей. Мы спынім галадоўку толькі ў гэтым выпадку, ці, дапусцім, калі прыедзе яго прадстаўнік. Ці калі нас запросяць на разгляд праекта, які будзе прыняты менавіта ў гэтую сесію, – рэзюмуе Ларыса Жыгар. – Калі гэта будзе зноў цацанка-абяцанка, галадоўка не спыніцца".
Падчас галадоўкі жанчыны збіраюцца не есці цвёрдай ежы, а толькі піць ваду.