Марадона захацеў аднавіць спартовую кар’еру
У апошні раз ён гуляў на прафесійным узроўні ў 1997 годзе.
Дыега Марадона захацеў зноў выйсці на футбольнае поле. На гэта яго натхніў прыклад бразільца Раналда, які плануе вярнуцца ў спорт сёлета ўвосень.
Чэмпіён свету-1986 паразмаўляў з бразільскім нападаючым у жывым эфіры венесуэльскага тэлеканала TeleSur, дзе Марадона вядзе ўласную перадачу De Zurda. Аргентынец удакладніў у Раналда, ці сапраўды ён згуляе за амерыканскі клуб “Форт-Лодэрдэйл Страйкерс”. На гэта бразілец адказаў станоўча. “Калі спатрэбіцца дзясяты нумар, я да вашых паслугаў”, — завяршыў тэму Марадона, які гуляў большую частку кар’еры пад нумарам 10.
Раналда абвясціў пра аднаўленне кар’еры ў канцы лютага. На сёння 38-гадовы спартсмен трэніруецца па спецыяльнай праграме, каб набраць неабходную форму да лістапада, калі яго клуб “Форт-Лодердэйл Страйкерс” будзе ўдзельнічаць у матчах за выхад у Вышэйшую лігу футбола (MLS) ЗША. Раналда спыніў выступы ў 2011 годзе з-за шматлікіх траўмаў і захворвання шчытападобнай залозы.
Марадона, які ў кастрычніку адзначыць 55-годдзе, у апошні раз гуляў на прафесійным узроўні ў 1997 годзе за аргенцінскую “Боку Хуніорс”. Пасля завяршэння кар’еры ён працаваў трэнерам, удзельнічаў у здымках розных тэлеперадач і шоў. У якасці футбаліста Марадона выйграў чэмпіянат свету 1986 года ў складзе зборнай Аргенціны і стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету 1990 года, піша lenta.ru.