Маргвелашвілі не хоча пераязджаць у рэзідэнцыю прэзідэнта Грузіі
Грузінскі палітык, які, паводле папярэдніх дадзеных, перамагае на прэзідэнцкіх выбарах, хоча вярнуць будынак народу.
Георгій Маргвелашвілі — кандыдат ад кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" — набраў больш за 62% галасоў выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Як вядома, дзейны прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі ўдзельнічаць у выбарах не меў права, а кандыдат ад яго партыі "Адзіны нацыянальны рух" Давід Бакрадзэ заняў на выбарах другое месца.
У панядзелак падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Бідзінай Іванішвілі Георгій Маргвелашвілі заявіў, што не хоча пераязджаць у прэзідэнцкую рэзідэнцыю. "Маё меркаванне такое, што гэты будынак трэба вярнуць грамадству, народу, бо менавіта на грошы народу ён быў пабудаваны. Хутка будзе вырашана, што станецца з гэтым памяшканнем", — цытуе яго словы РІА "Новости".
Нагадаем, фешэнебельны Палац прэзідэнта ў Тбілісі пабудавалі падчас праўлення Саакашвілі. Летась новы прэм'ер-міністр Іванішвілі прапанаваў прэзідэнту вызваліць палац і пераехаць працаваць у будынак канцылярыі ўраду, бо "выдаткі на ўтрыманне будынка недапушчальны высокія". У выніку, рэзідэнцыю прэзідэнта Грузіі перанясуць у больш сціплы будынак, які раней займала амбасада ЗША.
Фота — ria.ru