Mark Formelle дапаможа грашыма "Прытулку" для ахвяраў хатняга гвалту

Фота: Informburo.kz
Фота: Informburo.kz

Кампанія Mark Formelle, вядомая сексісцкай рэкламай, вырашыла дапамагчы грашыма "Прытулку" для ахвяраў хатняга гвалту. MF дамовілася пра гэта з феміністычнай арганізацыяй "Радзіслава".

"Мы хочам, каб усе аднадум_кі, з якімі мы разам былі супраць рэкламы MF, нас пачулі. Мы не здраджваем ідэі таго, што рэклама павінна быць этычнай, а не будавацца на аб'ектывацыі жанчын. На першай жа сустрэчы мы адкрыта паведамілі кіраўніцтву MF, што "Радзіслава" падпісвала ліст з просьбай спыніць выкарыстанне дадзенай рэкламы, і іх прыёмы для павелічэння продажаў супярэчаць нашым каштоўнасцям", — заявілі феміністкі на сваёй старонцы ў Facebook. Але ад грошай не адмовіліся: "Мы разумеем, што знайсці бізнес-партнёра-аднадумца, які падзяляе фемінісцкія каштоўнасці, у Беларусі пакуль складана".

Mark Formelle будзе падтрымліваць "Прытулак" на працягу 9 месяцаў. "Радзіслава" плануе выдаткаваць сродкі на адкрыццё псіхатэрапеўтычнай групы для жанчын сталага веку, пацярпелых ад гвалту; запуск трэнінгаў па самаабароне і асертыўнасці для жанчын і дзяўчынак; юрыдычную дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту.

"Прытулак" — таемнае месца, дзе ахвяры хатняга гвалту могуць бясплатна правесці пэўны час, прыходзячы ў сябе і абдумваючы сітуацыю, якая склалася ў іх жыцці. Тэлефон экстранай дапамогі для размяшчэння ў "Прытулку" жанчын і іх дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту: 8029 610 83 55, працуе кругласутачна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі