Марш вызвалення палітвязняў і паламаны вадамёт
Фантан, які стварыў зламаны вадамёт, і пратэстоўцы 4 кастрычніка 2020 года, Мінск / Еўрарадыё
4 кастрычніка ў гарадах Беларусі праходзіць Марш вызвалення палітвязняў. Яго ўдзельнікаў падтрымала Святлана Ціханоўская:
"Кожны з вас выходзіць на пратэсты, у першую чаргу, за ўласную свабоду. Але сёння — марш за свабоду палітвязняў. Гэта людзі, якія, як Сяргей Ціханоўскі, не бачылі сям'ю і дзяцей ужо некалькі месяцаў. Гэта людзі, якія пацярпелі за свае перакананні — і пакутуюць дагэтуль. І наша задача — вызваліць іх. Таму я падтрымліваю кожнага, хто выйдзе сёння на вуліцу свайго горада. Хай увесь свет бачыць: беларусы хочуць жыць на волі, а не ў турме", — напісала экс-кандыдатка ў прэзідэнты ў сваім телеграме.
З раніцы ў цэнтр Мінска традыцыйна прыехала ваенная тэхніка разам з аўтазакамі, вадамётамі і бусамі з людзьмі ў чорным, аліўкавым і цывільным. Ачэпленыя плошчы Незалежнасці, Кастрычніцкая, Перамогі, Стэла. У цэнтры горада закрытыя пункты грамадскага харчавання і гандлёвыя цэнтры, не спыняецца метро і адключаны мабільны інтэрнэт.
Да 15:00 незалежна ад кропкавых затрыманняў у раён Стэлы пачалі сцягвацца людзі з розных куткоў горада. Голас з дынамікаў іх папярэдзіў не толькі пра несанкцыянаванае мерапрыемства, але і пра тое, што нельга на ім прысутнічаць, хаваючы твар пад маскай!
Да таго ж сёння сілавікі не чакалі заканчэння Маршу, а сталі разганяць калоны адразу. Пры чым, вадамётамі. Нашы слухачы паведамляюць, што лупіць вадамёт не моцна, але восенню купанне пад ім — такое сабе задавальненне. Праўда, паколькі беларускія вадамёты не прывыклі да актыўнай працы — ну таму што беларусы — мірныя людзі, — вадамёт у раёне праспекта Машэрава пад бадзёрую савецкую музыку з дынамікаў зламаўся. І утварыўся фантан. Глядзіце, як прыгожа!
Тым часам вялізная калона ідзе ў бок Пушкінскай, паведамляюць відавочцы. Пакуль паглядзіце, як выглядаў цэнтр Мінска 4 кастрычніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.