Мартынаў і Сікорскі падпішуць дамову аб малым прыгранічным руху

Чакаецца, што 12 лістапада падчас сустрэчы міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі падпішуць дамову аб малым прыгранічным руху, паведамляе БЕЛТА. Тым часам, у прэс-службе польскага МЗС Еўрарадыё паведамілі, што гэта яшчэ да канца не вырашана. Супрацоўніца прэс-службы: “Верагодна, што так, але гэта яшчэ не афіцыйна. Я пакуль не магу на 200% пацвердзіць, што цырымонія падпісання дамовы адбудзецца. Напэўна вядома, што міністр Мартынаў будзе распавядаць пра беларускую замежную палітыку і пра тое, як ён бачыць развіццё беларуска-польскіх адносін”.

Нагадаем, што дамова аб малым прыгранічным руху дазволіла б жыхарам 50-кіламетровай зоны па абодва бакі ад мяжы падарожнічаць у суседнюю краіну без візы. Праўда не больш за 50 кіламетраў ўглыбіню краіны і са спецыяльным пропускам замест візы. Каб яго атрымаць, трэба жыць і быць прапісаным на прыгранічнай тэрыторыі не менш за 3 гады.

Варта дадаць, што польскія СМІ негатыўна ацанілі сам факт сустрэчы абодвух міністраў. На думку публіцыстаў, у сітуацыі з парушэннем правоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, візіт Мартынава трэба было ўвогуле адмяніць. Візіт такога высокага ўзроўню з Беларуссю варта арганізоўваць толькі ў якасці ўзнагароды за добрыя паводзіны Мінску, піша “Газета Выборча”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі