Марыя Шарапава ахвяравала 30 тысяч на падтрымку “чарнобыльцаў”

Фонд Марыі Шарапавай пералічыў больш за 30 тысяч долараў на дабрачынныя праекты, што рэалізуюцца ў Брагінскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці.
Сродкі перададзены пры дапамозе Праграмы развіцця ААН. Вядомая расійская тэнісістка беларускага паходжання Марыя Шарапава з'яўляецца паслом добрай волі ААН.

Яна ўжо выдаткавала агульным лікам больш за 100 тысяч долараў на падтрымку рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Плануецца, што грошы пойдуць на адкрыццё філіялаў музычных школ, у чачэрскую лякарню, дзе плануецца адкрыць пакой псіхафізічнага развіцця і рэабілітацыі дзяцей, а таксама на падтрымку работы экалагічных кружкоў цэнтра дзіцячай творчасці.

Лісты аб дазволе выкарыстаць сродкі накіраваны з Брагіна і Чачэрска ў Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Адказ павінен паступіць на працягу месяца, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, сям’я Шарапавай пасля аварыі пераехала з Гомеля ў Сібір, дзе ў 1987 годзе нарадзілася знакамітая тэнісістка. У Беларусі дагэтуль жыве яе бабуля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі