Масавая бойка ў цэнтры Мінска (Фотарэпартаж)
Больш за дзвесце маладзёнаў сышліся ўрукапашную ў парку Янкі Купалы. Ёсць ахвяры.
Здарэнне адбылося каля восьмай вечара ў сераду 15 ліпеня. Група маладых людзей адзначала 599 гадоў Грунвальдскай бітвы ля фантана ў скверы Янкі Купалы. Баявое галёканне адгукалася аж да Траецкага прадмесця. І ад яго булькатала ў крыві.
— Тэўтонцы, паспрабуеце моцы беларускай? Мы вам пакажам! — крычалі першыя шэрагі войска ВКЛ і Каралеўства Польскага.
— Швайнэ! — агрызалася войска тэўтонскае.
Абодва натоўпы глуха затупалі нагамі, маладзёны ўзнялі зброю і кінуліся брат на брата. У сечы сышліся хлопцы і дзеўкі, тоўстыя і худыя, маладыя і старыя. Трэба сказаць, што зброя была арыгінальная.
— На табе па патыліцы набіванкай, — крычала дзеўка і біла падушкай хлопца-тэўтонца.
— Бывай, жанчына. Я не жадаў табе зла. Хоць з табой мы яшчэ падужаемся, толькі да набіванкі трэба яшчэ мяккая канапа, — прамаўляў пабіты хлопец.
Так біліся ліцвіны і тэўтонцы каля гадзіны. Калечыліся нармальнымі, гламурнымі і дэкаратыўнымі падушкамі што ёсць моцы.
Нагадаем, што роўна 599 гадоў таму наша войска на чале з князем Вітаўтам і каралём Ягайлам (абодва паводле паходжання беларусы) разграмілі самае магутнае войска таго часу — тэўтонцаў на чале з магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам. Нашыя перамаглі і выратавалі свет ад тэўтонскай акупацыі.