Маск папрасіў Пентагон дапамагчы з фінансаваннем "Старлiнка" для Украіны
Ілан Маск / @jurvetson
Ілан Маск напісаў ліст у Пентагон, у якім заявіў, што яго кампанія SpaceX не можа "бясконца" фінансаваць Starlink для Украіны, піша ВВС са спасылкай на амерыканскія СМІ.
Нядаўняе Маск справакаваў хвалю крытыкі ў свой адрас, прапанаваўшы Украіне саступіць частку тэрыторыі для найхутчэйшага заканчэння вайны. Аднак ліст, скіраваны Маскам у Пентагон, быў напісаны да скандалу, што разгарэўся ў "Твітар" з-за прапановы стваральніка Space X.
У лютым Маск, самы багаты чалавек у свеце, даў магчымасць дармовага доступу да сваёй сістэмы спадарожнікавага інтэрнэту на ўсёй тэрыторыі Украіны. Ён зрабіў гэта для таго, каб і вайскоўцы, і грамадзянскія людзі ў краіне маглі заўсёды заставацца анлайн. CNN піша, што да гэтага дня Украіне было перададзена каля 20 тыс. спадарожнікаў Starlink. Сам Маск запэўнівае, што ўсё гэта абышлося яго кампаніі ў 80 млн даляраў, а да канца года сума павінна перавысіць 100 млн даляраў.
"SpaceX не просіць пакрыць мінулыя выдаткі, але не можа бясконца фінансаваць існую сістэму", — напісаў Маск у пятніцу.
Журналісты CNN атрымалі дакументы, з якіх сыходзіць, што Маск просіць Пентагон дапамагчы ў фінансаванні. Для гэтага патрэбныя дзясяткі мільёнаў даляраў у месяц.
На гэтым тыдні Украіна падзякавала Starlink за дапамогу ў аднаўленні інфраструктуры ў ключавых раёнах пасля абстрэлу расійскімі ракетамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.