Маскоўскі будаўнічы канцэрн: “Беларусаў звальняем у апошнюю чаргу”

З-за сусветнага фінансавага крызісу гастарбайтэры з Украіны, Таджыкістана, Узбекістана губляюць працу ў Расіі.  Як ні дзіўна, беларусы і ў гэтым плане аказаліся самым жывучым народам.   У адным з найбуйнейшых будаўнічых канцэрнаў Расіі “МонАрх” Еўрарадыё папярэдзілі: гастарбайтэраў пасля новага года будуць звальняць яшчэ больш.     

“Ужо на мінулы год колькасць будаўнічых аб’ектаў скарацілася, - паведамляе службовец, блізкі да кіраўніцтва канцэрна “МонАрх”. - Скарачэнні ў нас дакладна будуць працягвацца.”

І калі украінцаў, таджыкаў, узбекаў і іншых гастарбайтэраў звальняюць сотнямі тысяч, то беларусы аказаліся самым жывучым сярод гастарбайтэраў народам. У маскоўскім будаўнічым прадпрыемстве “АСМИ”, якое ўваходзіць у канцэрн “МонАрх”, Еўрарадыё запэўнілі, што беларускіх працаўнікоў цэняць найбольш. І нават кіраўнік “АСМИ” – беларус Эдуард Гараднічы.

“Крызіс на беларускіх будаўніках адбіўся мала. Справа ў тым, што для іх у нас сапраўды прымальныя ўмовы працы, - расказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай Эдуарда Гараднічага. – Справа ў тым, што міграцыйныя ўмовы для беларусаў лепшыя, чым для ўкраінцаў і ўзбекаў. Не трэба ніякага дазволу для працы, нашыя краіны саюзныя. Масавага звальнення беларусаў з-за крызісу няма. Звальняем толькі па прагулах, калі чалавек, напрыклад, запіў. Папросту адсейваюцца людзі, якія недобрасумленна працуюць.”

Тым часам і на Беларусі масавага вяртання будаўнікоў з-за мяжы не адчуваецца, хоць гэта і не лагічна.  Гастарбайтэры з пасёлка Зябраўка Гомельскай вобласці вядомыя на ўсю Беларусь: мінулай зімой тутэйшаму жыхару не заплацілі заробак у Піцеры, і ён пешкі за 64 дні вярнуўся дадому ў Зябраўку. А потым зноў паехаў на працу ў Расію. І больш не вяртаўся працаваць у Зябраўку. 

“Ды не, як ездзілі, так і ездзяць, - запэўніла Еўрарадыё Ларыса Вараб’ёва, гандлярка мясцовай прадуктовай крамы “Спутник”. Ларыса Іванаўна па тварах ведае ўсю Зябраўку. -  Мой сваяк, хоць і жыве ў Магілёве, усё роўна ездзіць працаваць у Піцер. І вельмі задаволены. Зябраўская моладзь выязджае працаваць у Расію. Там вельмі ўсё строга, некаторых выганяюць за п’янку, але ніхто вяртацца не хоча.”

З раёнаў славіцца сваімі гастарбайтэрамі Ганцаўшчына. Тут папросту прынята выязджаць зарабляць грошы за мяжу. Але і сёння, падчас фінансавага крызісу, ніхто не вяртаецца.  

“На дадзены момант такога няма, - аналізуе становішча намеснік старшыні райвыканкама Ганцавічаў Уладзімір Давыдзік. -  Гастарбайтэры ў асноўным вяртаюцца да першага студзеня, калі маразы і снег. Калі ў Расіі няма працы. І шукаюць працы тут, каб да вясны пратрымацца. А ўвесну, як птушкі ў вырай, так і яны. Нашыя людзі рабацягі. Толькі дай працы, каб напрацаваўся, але і зарабіць добра таксама не супраць.”

Такім чынам, беларусаў пакуль не можа ўзяць ніякая трасца – ні надвор’е, ні строгая ўлада, ні нават сусветны эканамічны крызіс.

Фота з сайту www.bn.ru.