МАЗ: Паясы зацягваем, але пакуль працуем

Мінскі аўтамабільны завод пакуль не будзе спыняць працу. Нагадаем, газета “Наша ніва” са спасылкай на супрацоўнікаў прадпрыемства паведаміла, што МАЗ ідзе ў адпачынак на два тыдні. Гэта выклікана сусветным фінансавым крызісам, які дакаціўся і да Беларусі.
Аднак начальнік упраўлення продажу грузавой тэхнікі завода Сяргей Захарэвіч у размове з Еўрарадыё адзначыў, што цяжкасці ў МАЗа сапраўды ёсць, але спыняць працу прадпрыемства пакуль не збіраецца.

Сяргей Захарэвіч: “Цяжкасці ёсць, але завод працуе. Пакуль усё нармальна. Працуем 5 дзён на тыдзень. Безумоўна, ёсць цяжкасці. Машыны кепска прадаюцца. Мы тут паясы зацягваем. Магчыма, будуць нейкія рашэнні. Мы пра іх паведамім. Трэба ж рабіць усё досыць сур’ёзна і прадумана”.

Нягледзячы на кепскі продаж машын, завод, паводле слоў Сяргея Захарэвіча, выканае сёлетні план.

Сяргей Захарэвіч: "МАЗ выканае даведзеныя гадавыя лічбы па 2008 годзе і забяспечыць тэмп росту вытворчасці на ўзроўні дзесьці каля 115 адсоткаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі