"Медвешчак" (Заграб) — "Дынама" (Мінск) — 4:2

22 студзеня хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ў чарговым матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У Заграбе "Медвешчак" святкаваў перамогу з лікам 4:2 (1:0, 3:0, 0:2). Гаспадары пляцоўкі адкрылі лік ужо на 2-й хвіліне. Мінчукі гулялі слаба, не маглі рэалізаваць свае нешматлікія галявыя моманты.

У другім перыядзе за 7 хвілін "Медвешчак" закінуў тры шайбы — 0:4. Пасля гэтага брамніка мінчукоў Ларса Хаўгена памянялі на Дзмітрыя Мільчакова. У трэцім перыядзе гульня ў атацы па-ранейшаму не атрымлівалася. Праўда, на 48-й хвіліне Шарль Лінгле ў большасці "размачыў" лік — 1:4. У дынамаўцаў з'явілася надзея. А тут яшчэ на 53-й закідвае абаронца Алег Гарошка — 2:4. Аднак на большае не хапіла ні сілаў, ні часу.

Адзначым, што ў матчы не гуляў адзін з лепшых бамбардзіраў каманды Джонатан Чычу, у якога траўма.

У "Дынама" засталося 87 ачкоў пасля 48 матчаў, каманда займае пятае месца ў канферэнцыі "Захад". Наступны матч дынамаўцы правядуць 28 студзеня ў Магнітагорску з мясцовым "Металургам".

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі