Меладзэ робіць аранжыроўкі на песні Дакоты

Беларуская фабрыкантка Дакота ізноў намінаваная на вылет з праекту. Але не таму што не спраўляецца - наспеў час зрабіць сольны нумар. Да гэтага Маргарыта рыхтавалася доўга: сам прадзюсар праекту Канстанцін Меладзэ чакаў ад яе новай, па-сапраўднаму моцнай песні. Маці Святлана пакуль не чула новы твор сваёй дачкі, але распавяла Еўрарадыё, што ён прысвечаны дзядулі канкурсанткі.

Святлана Герасімовіч: Дзядуля для яе быў самым блізкім чалавекам. Усё лепшае, што ёсць у характары Рыты. Але, на жаль, ён памёр у той дзень, калі Маргарыта паляцела ў Маскву.

Сям’я тыдзень хавала ад дзяўчыны гэтую сумную вестку. Але пасля Дакота, відаць, адчула, што нешта адбылося і прымусіла маці сказаць праўду.

Святлана Герасімовіч: Яна вельмі доўга пакутвала. Спярша нават зусім не магла працаваць. А пасля ўзяла сябе ў рукі, пачала працаваць, і ўвесь ейны боль выявіўся ў гэтай песні. Яна мае працоўную назву “Я ўсё ведала”.

Дарэчы, як кажа маці спявачкі, аранжыроўкай і наогул кампазіцыяй дзяўчына вельмі задаволеная:

Святлана Герасімовіч: Яна мне патэлефанавала і сказала, што аранжыроўка Канстанціна Меладзэ яе вельмі ўразіла, што яна ў захапленні. Рыце немагчыма дагадзіць, і я б зазначыла, што прадзюсар разгледзеў і зразумеў маю дачку і дазволіў і мне самой паглядзець на яе іншымі вачыма.

Маці таксама падзялілася, што сачыла ў онлайне за стварэннем песні. Відаць, сачылі за гэтым і яе прыхільнікі і сябры. З адным яе сябрам, суседам па парце Віталём Максімовічам Еўрарадыё пагаварыла пра тое, якой была Дакота да таго, як трапіла у “зорны дом”.

Віталь Максімовіч:
Яна заўсёды на уроках сядзела і пісала песні. Але нікому не паказвала. Хаця яе дэма мы слухалі. Тыя песні нам у чымсьці падабаліся нават больш, чым тое, што яна робіць на “Фабрыцы”. Але мы ўсё адно за яе вельмі хварэем. Ёй прыйдзецца перамагчы, бо я ёй даваў наказ зрабіць гэта. Што змянілася за гэты час? Яна стала яшчэ больш сур’ёзнай і адказнай. А зорнай хваробы ў яе няма і быць не можа.

З перамогай дома Маргарыту чакаюць не толькі прыхільнікі, сябры, родныя, але і малады чалавек. Маці выканаўцы пакінула яго імя ў сакрэце, але распавяла спецыяльна для Еўрарадыё, што ён таксама не абыякавы да музыкі.

Святлана Герасімовіч: Гэта вельмі добры чалавек. Ён падтрымлівае Рыту, дае ёй парады. Яму 19 гадоў. Ён таксама музыка і грае хардкор.

Фото — http://forum.65-k.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі