Мэр у негліжэ, морж Уолі і Афіны пад месяцам: толькі добрыя навіны
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Пакуль 800-кілаграмовы морж Уолі падарожнічае па свеце і загарае на лодках, мэр Саяногорска здымае ню-відэа з парылкі і пасылае ўсіх у "лазню". Які самы бяспечны горад у свеце і як прайшла месяцовая ноч музеяў у Грэцыі — пра гэта і не толькі ў аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Морж-падарожнік, які любіць загараць на лодках
800-кілаграмовы морж Уолі праплыў больш за чатыры тысячы кіламетраў па Францыі, Іспаніі і Вялікабрытаніі і прыбыў у Ірландыю.
У Уолі ёсць незвычайнае захапленне: ён любіць загараць на лодках! На жаль, часам лодкі тонуць пад ягонай вялікай вагой, а сам Уолі траўмуе свае плаўнікі, залазячы на судны і злазячы з іх. Уолі патапіў па адной-дзве лодкі ў кожнай з бухт, дзе пабываў.
Ірландская арганізацыя па абароне кітоў і дэльфінаў просіць гаспадароў лодак накрываць іх брызентам, каб морж не мог залезці на іх. Таксама спецыялісты рэкамендуюць людзям не набліжацца да жывёлы, каб не палохаць.
У той жа час, каб Уолі не сумаваў, ірландскія ратавальнікі падрыхтавалі для яго ўласны плыт. Яны спадзяюцца, што гэта дапаможа як самому маржу, так і ўладальнікам лодак.
Самы бяспечны горад у свеце
Спецыялісты склалі рэйтынг бяспечных гарадоў свету. Яго ўзначальвае сталіца Даніі Капенгаген.
Эксперты ацанілі гарады па катэгорыях: бяспека лічбавых дадзеных, ахова здароўя, інфраструктура, навакольнае асяроддзе, а таксама асабістая бяспека. У спіс лідараў таксама ўвайшлі Таронта, Сінгапур, Сіднэй, Токіа, Амстэрдам, Велінгтан, Ганконг, Мельбурн і Стакгольм.
А мэр жа ж голы!
Мэр Саянагорска Рэспублікі Хакасія Міхаіл Валоў з венікам у руках заклікаў гараджан наведваць лазню. Свой відэазварот з парылкі ён размясціў на старонцы ў "Фэйсбуку".
"Прыходзьце папарыцца, пагутарыць, прыходзьце па здароўе. Сам хаджу ў нашу лазню кожную суботу. Сёння гарадской лазні патрэбна падтрымка, бо праз доўгі леташні шасцімесячны прастой, звязанага з каранавірусам, лазня ніяк не можа выкараскацца з даўгоў", — піша Валоў.
На апублікаваным відэа мэр з голым торсам лупцуе сябе венікам па целе і пераконвае людзей наведваць менавіта муніцыпальную лазню, а не прыватныя саўны.
Музеі Грэцыі пад святлом месяца
22 жніўня, у апошнію поўню лета, уваход у афінскі Акропаль на адну ноч стаў бясплатным. Сюды прыйшлі дзясяткі як мясцовых жыхароў, так і турыстаў.
Паведамляецца, што акрамя Акропаля, задарма можна было наведаць яшчэ 120 музеяў Грэцыі.
"Мы спадзяемся, што святло месяца рассее цень пандэміі", — заявілі ў Міністэрстве культуры краіны.
Бясплатнае жыллё уцекачам ад Airbnb
Сэрвіс кароткатэрміновай арэнды жылля Airbnb прадставіць бясплатнае жыллё 20 тысячам афганскіх бежанцаў па ўсім свеце. За размяшчэнне гасцей будзе плаціць сама кампанія. Яе кіраўнік Браян Чэскі заклікае ўладальнікаў нерухомасці, якія жадаюць дапамагчы бежанцам, звязацца з ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.