Міхаіл Грабоўскі перайшоў з "Манрэалю" ў "Таронта"

Форвард хакейнай зборнай Беларусі Міхаіл Грабоўскі перайшоў з клуба НХЛ "Манрэаль канадзіенс" у "Таронта".  Нагадаем, у "Манрэалі" Грабоўскі быў два мінулых сезоны, але замацавацца ў галоўнай камандзе ніяк не мог - курсіраваў паміж ёй і фарм-клубам. У мінулым сезоне ў 24 паядынках за "Манрэаль канадзіенс" беларус набраў толькі 9 бамбардзірскіх балаў (3 шайбы і 6 галявых перадачаў). Пры гэтым у яго была траўма, з-за якой Грабоўскі быў вымушаны прапусціць большую частку матчаў.

Улетку сёлета ў Грабоўскага скончыўся тэрмін кантракту з клубам. Кіраўніцтва "Манрэалю" не было супраць яго працягнення, але беларускаму хакеісту спадабалася прапанова "Таронта". У выніку здзейсненага абмену ў "Манрэаль" з "Таронта" пайшоў 18-гадовы абаронца Грэг Пацерын.

Генеральны менеджэр "Таронта" Кліф Флетчар назваў запрашэнне беларускага форварда вельмі ўдалай здзелкай. Ён адзначыў яго вялізны патэнцыял і добрае выступленне ў складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету-2008 у Канадзе.

БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі