Міхалевіч даў апошні званок міністру адукацыі Радзькову (відэа)

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч і актывісты моладзевай кампаніі “Вольная моладзь” у панядзелак зладзілі флэш-моб на прыступках Міністэрства адукацыі. Падчас імправізаванай акцыі, зладжанай адмыслова ў апошні дзень вясны, яны далі апошні званок міністру адукацыі Аляксандру Радзькову.

Як патлумачыў Еўрарадыё Алесь Міхалевіч, ён асабіста і сябры яго выбарчага штабу надзяляюць вялікую ўвагу стану адукацыі ў нашай краіне. А яна, дзякуючы міністру Радзькову, знаходзіцца ў крытычным стане.

Алесь Міхалевіч: “Абсалютна бяздарная сістэма паступлення ў Вышэйшыя навучальныя ўстановы па выніках цэнтралізаванага тэставання, якое пастаянна мяняецца. Адмена школ і класаў, якія спецыялізуюцца на адпаведных прадметах, адмена цэлага шэрагу вельмі важных навучальных курсаў, як напрыклад, гісторыя сусветнай мастацкай культуры. А, напрыклад, у педагагічным універсітэце зменшылася колькасць гадзін выкладання замежных моваў. Усё робіцца для таго, каб можна было рапартаваць пра вялікую колькасць студэнтаў і падрыхтаваных спецыялістаў, але якасць гэтых студэнтаў і спецыялістаў паніжаецца. Таму гэты міністар павінен сыйсці ў адстаўку”.



Падтрымаў Міхалевіча і сябра яго выбарчага штаба, выкладчык дэпартамента палітычных навук ЕГУ Ігар Драко.

Ігар Драко: “Усе рэформы, якія робяцца ў адукацыі, яны робяцца па галовах настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў і выкладчыкаў універсітэтаў. Наступныя рэформы, якія будуць у нас адбывацца ў адукацыі, мусяць адбывацца толькі пад кантролем настаўнікаў і выкладчыкаў. За рэформы павінны адказваць не чыноўнікі, якія тут сядзяць, а тыя, хто непасрэдна працуе з дзецьмі і са студэнтамі. Так яно наперад і будзе”.



Дарэчы, Ігар Драко кажа, што ў выніку перамогі Міхалевіча на выбарах прэтэндуе на партфель міністра адукацыі.

Еўрарадыё пацікавілася ў Алеся Міхалевіча, на які вынік сённяшняга флэш-моба ён спадзяецца.

Алесь Міхалевіч: “Мы чакаем, што ён вымушаны будзе ці сам пайсці ў адстаўку, ці прэзідэнт альбо ўрад адправяць яго ў адстаўку, і ён больш не будзе міністрам. Упэўнены, што калі такія галасы будуць раздавацца па розных месцах, то ў адстаўку ён пойдзе дастаткова хутка”.

А такія ж флэш-мобы, які адбыўся на прыступках Міністэрства адукацыі, сёння актывісты “Вольнай моладзі” зладзілі ў Лідзе і Гомелі — пазванілі ў званочкі Радзькову. І перадалі заяву з патрабаваннем пазбавіць міністра пасады ў Мінадукацыі і ў раённыя аддзелы адукацыі.

На гэтыя афіцыйныя лісты з міністэрства і РАНА мусіць прыйсці адказ. Міхалевіч лічыць, што ў адказе будуць словы пра тое, што сітуацыю ў сістэме адукацыі яны лічаць нармальнай. Але, кажа, такія акцыі, накіраваныя асабіста супраць Радзькова, будуць праводзіцца і надалей.

Што цікава, актывісты “Вольнай моладзі”, якія сёння разам з Міхалевічам прыйшлі да Мінадукацыі, самаго яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты не патрымліваюць. У гэтым Еўрарадыё прызналася навучэнка каледжа мастацтваў Віка.

Віка: “Не, я не падтрымліваю Міхалевіча, але сёння мы палічылі патрэбным сумесна зладзіць такі флэш-моб”.

Акцыя прайшла ціха і спакойна. Цікаўнасці да яе не праявілі ні міліцыя, ні супрацоўнікі Міністэрства, якія нават не звярталі ўвагу на людзей, што сабраліся ля ўваходу.



Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі