Міхалок і спартсмены могуць стаць “самымі прыгожымі людзьмі Мінска"

26 красавіка стануць вядомыя імёны 50 “самых прыгожых і паспяховых людзей Мінска”. Традыцыйную цырымонію ў чарговы раз ладзіць вядомая шоў-вумэн і спявачка Ларыса Грыбалёва.
У размове з Еўрарадыё яна расказала, што адмысловае журы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Цэслера ўжо вызначыла асобы самых выбітных прадстаўнікоў сталіцы, але шырокай публіцы іх імёны стануць вядомыя непасрэдна на цырымоніі. Да таго часу “пераможцы” будуць трымацца ў сакрэце. Вядома толькі тое, што ў спісе шмат спартсменаў.

Ларыса Грыбалёва:
“Мы не звязаныя з палітыкай і не звязаныя з беларускім шоў-бізнесам. У нас, у асноўным, людзі, якія дабіліся поспеху самі. Гэта прыватны бізнес. Сёлета шмат спартсменаў, якія паказалі сябе на сусветным узроўні. Гэта пераважна людзі, якія праслаўляюць Мінск за мяжой. Спартсмены, мадэлі і гэтак далей”.

Еўрарадыё прыгадала, што тры гады запар лідэр гурта “Ляпіс Трубяцкой” Сяргей Міхалок не трапляе ў спіс “лепшых мінчукоў”. Летась у некалькіх інтэрв’ю ён жартам “пакрыўдзіўся” на арганізатараў мерапрыемства. Ларыса Грыбалёва лічыць, што Сяргей не крыўдзіцца на такія глупствы і намякае:

“Справа ў тым, што вы не ведаеце яшчэ спісу гэтага года”.

Цырымонія ўзнагароджання збярэ да 300 гасцей. Сёлета мерапрыемства будзе закрытым і звычайныя гледачы на яго не патрапяць. Але ахвотныя могуць зрабіць гэта, узяўшы ўдзел у дабрачыннай акцыі “Залатое сэрца”, якая рэалізуецца ў рамках праекту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі