Мілен Фармэр выступіла супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

24 кастрычніка, за тры дні да прыезду ў Мінск, дзе Мілен Фармэр прадставіць публіцы сваё новае шоў "Timeless", яна падпісала петыцыю кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", паведамляе сайт цэнтра “Вясна”.

Вядомая французская спявачка не засталася абыякавай, атрымаўшы зварот Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра "Вясна".

"І не можа быць мэты больш высокай, больш святой, больш годнай за гэтую: пакончыць з пакараннем смерцю", — гэтыя радкі французскага пісьменніка Віктора Гюго Фармэр працытавала, падпісаўшы петыцыю.

Петыцыя праваабаронцаў заклікае беларускія ўлады адмяніць смяротнае пакаранне ў краіне. На сёння Беларусь засталася апошняй дзяржавай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая не адмовілася ад смяротнага пакарання.

Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая праводзіцца ў краіне з 2009 года, прапануюць падпісаць петыцыю сусветна вядомым асобам, каб падкрэсліць значнасць самой праблемы і прыцягнуць да яе ўвагу людзей ва ўсім свеце. У 2010 годзе петыцыю праваабаронцаў падпісаў вядомы брытанскі музыка Стынг, які выступіў з відэазваротам "Час змяніць гэта", а ў 2012 годзе кампанію падтрымала шведская спявачка Ларын, пераможца "Еўрабачання-2012".

Фота: hqwall.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі