Міліцыя просіць дапамагчы ў пошуку забойцаў лідскіх прадавачак
З моманту злачынства прайшло ўжо восем месяцаў.
Нагадаем, увечары 15 верасня 2013 года ў Лідзе адбылося жорсткае забойства. Каля харчовай крамы на ўскраіне горада са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі былі знойдзены целы дзвюх прадавачак. Адной было 45, другой 56 гадоў. У самой краме было скрадзена каля 35 мільёнаў рублёў і спіртныя напоі.
Па падазрэнні ў злачынстве гродзенскія праваахоўнікі шукаюць мужчыну, якому на выгляд каля 25-30 гадоў, перадае БелаПАН. Рост прыкладна 180-185 см, валасы светлыя, пры хадзе горбіцца, хударлявага целаскладу. Ён быў апрануты ў чорную куртку з каптуром, цёмныя джынсы, зношаныя спераду, красоўкі светлага колеру.
Усіх, хто можа дапамагчы следству, просяць затэлефанаваць па тэлефонах у Лідзе (0-01545) 520780, 521626, 520202 або 102 або па мабільным тэлефоне 8-029-350-01-02 (Velcom). Ім гарантуюць канфідэнцыйнасць і ўзнагароджанне.
Фота — mail.ru