Міліцыя просіць дапамогі ў пошуку злачынца, які напаў на краму ZIKO

Увечары 20 студзеня невядомы малады чалавек напаў на прадаўца мінскай ювелірнай крамы крамы Ziko, якая знаходзіцца на праспекце Незалежнасці (раён плошчы Якуба Коласа, праз адзін дом ад ЦУМа). Хлопец параніў нажом прадаўца і ўцёк.

Як паведамляў з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё, пасля нападу на ўваходзе стаялі міліцыянеры. Праз вокны крамы было відаць, што там знаходзіліся некалькі супрацоўніц крамы, а таксама дзясятак мужчын — у цывільным, у форме, працавалі эксперты.

Пазней з'явілася афіцыйная інфармацыя менскай міліцыі, паводле якой каля 17-й гадзіны прадавец заўважыла, што адзін з наведвальнікаў спрабуе скрасці ювелірныя вырабы. Яна паспрабавала перашкодзіць гэтаму і атрымала верагодна нажавое раненне. Зламыснік жа ўцёк.


Праваахоўнікі звярнуліся за дапамогай да грамадзян. Паведамляецца, што зламысніку на выгляд 25-27 гадоў, яго рост 170-175 см. Ён быў апрануты ў чорную шапку, чорную кароткую куртку, светла-сінія джынсы, красоўкі са светлай падэшвай, пры сабе меў цёмны заплечнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі