Міліцыя затрымала музыкаў гурта Litesound Уладзіміра і Дзмітрыя Каракіных
Гэта адбылося ўвечары 12 сакавіка ў раёне Заслаўскага вадасховішча.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Юрыя Каракіна — бацьку братоў і дырэктара гурта, музыкі шукалі ў лесе месца для здымак новага кліпа. Нечакана з'явіліся міліцыянты і затрымалі артыстаў. Спярша дзве гадзіны іх пратрымалі ў машыне, прымусіўшы выключыць тэлефоны, а потым даставілі ў Ждановіцкі райаддзел міліцыі. Пры гэтым пратакол затрымання міліцыянты не складалі, кажа Каракін-старэйшы.
Па яго словах, музыкі шукалі месца для здымак кліпа недалёка ад рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, але з іншага боку. Разам з тым дырэктар групы назваў здарэнне адной з праяваў ціску на Litesound.
Нагадаем, што гурт Litesound удзельнічаў у міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2012" ад Беларусі.