Мілінкевіч сустракаецца з жыхарамі Чарнобыльскай зоны
28 сакавіка ён сустрэўся з некалькімі дзясяткамі чалавек у райцэнтры Жыткавічы. Напачатку мясцовая міліцыя папярэдзіла Аляксандра Мілінкевіча аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванага мітынгу. Аднак Мілінкевіч патлумачыў, што ён праводзіць сустрэчы – гэтая форма не ўзгадваецца ў заканадаўстве. Мілінкевіч размаўляў з людзьмі каля паўгадзіны, сустрэчу здымалі людзі ў цывільным. Праз 15-20 хв. да месца правядзення пад'ехаў прыборачны трактар і пачаў заглушаць гутарку і пасыпаць людзей пылам. Аднак размова працягвалася. «Людзей найбольш абурае беззаконне і несправядлівасць у раёне, дзе пануе мясцовая мафія. Проыстага чалавека нізавошта выкідваюць з працы, аднавіць законнасць немагчыма. Усе абураныя скасаваннем ільготаў. Шмат хто не разумеў, навошта ўлада праводзіць несправядлівыя выбары і не пускае ў выбарчыя камісіі шмат якіх людзей» -- распавяла правабаронца Людміла Гразнова, спадарожніца Мілінкевіча ў паездцы. Мілінкевіч распавёў, што паўтары месяцы назад распачаў паездкі па Чарнобыльскай зоне. Усяго плануе адведаць каля 100 паселішчаў. 28 сакавіка ён сустрэўся з людзьмі ў Жыткавічах і Калінкавічах, 29 сакавіка мае сустрэцца ў Мазыры і Лельчыцах.
www.belapan.by