Мінчук у сварцы забіў бацьку і спаліў яго цела
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за забойства жыхара сталіцы.
Як паведамляецца на сайце ведамства, 25 чэрвеня ў адным з раёнаў Мінскай вобласці было выяўленае абгарэлае цела з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Следчыя падазраюць, што да смерці мае дачыненне 30-гадовы сын загінулага мужчыны.
Следства выявіла, што 57-гадовы мужчына пражываў разам з сынам у кватэры ў Мінску. Бацька нідзе не працаваў і выпіваў, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Падчас сваркі з бацькам сын, як кажуць праваахоўнікі, нанёс "цялесныя пашкоджанні, несумяшчальныя з жыццём". Пасля гэтага ён вырашыў схаваць сляды злачынства: вывез цела за Мінск і паспрабаваў спаліць яго.
Як удакладняе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама, цела ў лесапаласе ўздожд чыгункі 25 чэрвеня знайшоў выпадковы мінак. Ён звярнуў увагу на вогнішча ў бязлюдным месцы. Падышоўшы бліжэй, мужчына пабачыў абгарэлыя чалавечыя парэшткі.
Падазраванага затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Следства плануе выставіць яму абвінавачанне і ўзяць пад варту.
Цяпер следчыя высвятляюць усе акалічнасці злачынства. Прызначаныя экспертныя даследаванні, у тым ліку судова-медыцынская экспертыза, якая вызначыць дакладную прычыну смерці.