Мінгандлю нагадала, што мараторый на рост цэнаў у Беларусі ніхто не адмяняў
Ён быў уведзены ўрадам у сярэдзіне снежня. Яшчэ раней пра яго аб'явіла Мінгандлю — да 15 студзеня.
Цэны на спажывецкія тавары ў Беларусі не павінны павышацца і пасля 15 студзеня, заявіла Міністэрства гандлю. Як інфармуе БЕЛТА, у міністэрства пачасціліся звароты прадпрымальнікаў, якія цікавіліся, калі будзе спынена дзеянне мараторыя на рост цэнаў. У сувязі з гэтым з'явілася тлумачэнне, што забарона на павышэнне коштаў была ўведзена пастановай Савета міністраў 19 снежня. Пры гэтым тэрмін яго дзеяння не быў абмежаваны.
Адзначаецца, што павышэнне цэнаў на тавары будзе лічыцца грубым парушэннем правілаў гандлю.
Нагадаем, 9 снежня 2014-га Міністэрства гандлю абвясціла мараторый на рост коштаў для гандлёвых прадпрыемстваў і вытворцаў да 15 студзеня 2015 года. Мінгандлю прадпісала галіновым міністэрствам і канцэрнам, а таксама аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму абвясціць мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных коштаў на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні.
Як бачым, у пастанове ўраду, якая з'явілася пазней, пра 15 студзеня гаворкі ўжо не было.
Фота: sb.by