Мінгарвыканкам накіроўвае "Сацыяльны марш" на Бангалор

Сталічныя ўлады не дазволілі арганізатарам “Сацыяльнага маршу”, чарговай акцыі дэмакратычнай апазіцыі, правесці яго па заяўленым маршруце. У аўторак заяўнікаў выклікалі ў Мінгарвыканкам двойчы, прычым у другі раз чамусьці не запрасілі Аляксандра Бухвостава, які прысутнічаў на першай сустрэчы.

Спачатку на размову з “ідэолагам” Генадзем Курбекам хадзілі Бухвостаў, Юрый Хадыка, Валерый Фралоў і Міхаіл Пашкевіч (сябра АГП). Курбека прапанаваў для “Сацыяльнага марша” традыцыйны маршрут: Акадэмія навук – вуліца Сурганава – плошча Бангалор.

Нагадаем, заяўнікі планавалі шэсце ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі.

Вось як пракаментаваў “Еўрарадыё” вынікі перамоваў з чыноўнікамі Мінгарвыканкаму Юрый Хадыка:

“Адзіны прагрэс у параўнанні з сітуацыяй з “Еўрапейскім маршам” – гэта тое, што мы атрымалі рашэнне гарвыканкама крышку раней – за дзесяць дзён. І гэта дае нам магчымасць правесці неабходныя мерапрыемствы”.

Хадыка нагадаў, што на акцыю запрошаныя прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік.

У выпадку, калі гэтыя асобы завітаюць 4 лістапада на Бангалор, ім будзе прапанавана “прыняць удзел у абмеркаванні Закона аб льготах”.

Ці пойдзе “Сацыяльны марш” на Бангалор, стане вядома 24 кастрычніка, калі пройдзе паседжанне яго аргкамітэту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі