Мінінфарм абяцае даць інфармацыю пра блакаванне "Хартыі" 25 студзеня
Афіцыйныя звесткі пра блакаванне сайта "Хартыя'97" з'явяцца 25 студзеня. Пра гэта першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі паведаміў у каментары nn.by.
"Давайце так: сёння ўжо працоўны дзень скончыўся. Заўтра будуць усе афіцыйныя звесткі. Даруйце, нічога больш не скажу. Рашэнне прынятае", — заявіў чыноўнік у сераду.
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч гэтыя дні знаходзіцца на бальнічным.
Пра блакаванне сайта "Хартыя'97" стала вядома ўвечары 24 студзеня. Для карыстальнікаў з Беларусі сайт або не загружаецца, або выскоквае паведамленне, што старонка знаходзіцца ў спісе абмежаванага доступу.
Раней у падобную сітуацыю трапіў сайт "Беларускі партызан". Доступ да яго быў адноўлены, калі рэдакцыя сайта зарэгістравала яго ў беларускай даменнай прасторы. Рэдакцыя "Хартыі'97" рэзка крытыкавала такі крок.