Міністр эканомікі Беларусі распавёў пра галоўную задачу на 2015 год
Мікалай Снапкоў лічыць, што гэта — зніжэнне інфляцыі, а разам з ёй і інфляцыйна-дэвальвацыйных чаканняў.
"Мы лічым, што будзе правільна не ставіць на першы план рост, паколькі немагчыма займацца двума сістэмнымі элементамі эканамічнай палітыкі (інфляцыя і рост), якія супярэчаць адзін аднаму. У 2015 годзе для збалансавання сітуацыі ў эканоміцы прыярытэтам, на наш погляд, неабходна вызначыць інфляцыю", — цытуе словы міністра эканомікі БЕЛТА.
Паводле слоў Мікалая Снапкова, узровень інфляцыі ў будучым годзе не павінен перавысіць 12%. Для гэтага спатрэбіцца жорсткая манетарная палітыка, найперш "у кантэксце радыкальнага зніжэння дзяржпраграмаў і фінансавання праектаў па дзяржаўных праграмах".
Міністр нагадаў, што ў наступным годзе прадугледжваецца павелічэнне долі кампенсацыі насельніцтвам тарыфаў на паслугі. Да канца 2015 года плануецца выйсці на 100-працэнтную акупнасць затрат, у прыватнасці на паслугі па электразабеспячэнню, газазабеспячэнню (на прыгатаванне ежы) і водазабеспячэнню.
Фота — bymedia.net