Мінкульт абмяжуе колькасць вядучых акцёраў у тэатрах

Міністэрства культуры вырашыла не толькі цвёрда абмежаваць колькасць акцёраў ды рэжысёраў у тэатрах. У праекце пастановы па штаце мастацка-артыстычнага персаналу канкрэтна распісана, колькі ў кожным тэатры можа быць вядучых майстроў сцэны, а колькі — артыстаў дапаможнага складу.

Так, у драматычных тэатрах рэспубліканскага падпарадкавання можа працаваць не больш за 77 акцёраў, з іх вядучых артыстаў — максімальна 20%. У драматычных тэатрах мясцовага падпарадкавання i тэатрах лялек майстроў мусіць быць не больш за 15% пры агульнай колькасці акцёраў — 51 і 30 адпаведна.




Дакументы ўзятыя з сайта www.belarus-theatre.net

На думку тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава, гэта яшчэ адна спроба чыноўнікаў ад культуры паўплываць на асаблівасці “вытворчага” працэсу ў тэатрах, рэгламентаваць яго.

Аляксей Стрэльнікаў:
“Сёння ў нас ужо ёсць палажэнні, якія рэгламентуюць нават колькасць выхадаў артыстаў на сцэну. Спецыфіка беларускага тэатра ў тым, што ў творчым полі спрабуюць рэалізаваць мадэлі камандна-адміністрацыйнай сістэмы. Спускаецца план па спектаклях і гэтак далей”.

У той жа час ён адзначае, што ў праграмках спектакля ніколі не пазначаюць, які артыст — вядучы майстар сцэны, а які — дапаможнага складу. Гледачу гэта не важна: ён прыйшоў захапляцца выканаўчым майстэрствам.

Затое падобныя звесткі вельмі важныя для бухгалтэрыі. Ад гэтай класіфікацыі залежыць заробак акцёраў. І хоць для сапраўднага творцы, кажа актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Зелянкоўская, гэтая класіфікацыя не мае асаблівага значэння, але звяртаць ўвагу на яе даводзіцца.

Святлана Зелянкоўская: “Ад гэтых "вядучых сцэны", ад "народных", "заслужаных" залежаць, на жаль, нашыя заробкі. Выдатных артыстаў у нас больш, чым тая колькасць, якую сістэма хоча абмежаваць нейкімі рамкамі. Шкада, што так атрымліваецца і ў нас спрабуюць урэзаць магчымасці і здольнасці людзей. Але ж мы імкнемся, усё ж такі, не да званняў, а да самаўдасканальвання і развіцця”.

Нягледзячы на гэта, кажа Святлана, кожнаму акцёру будзе вельмі непрыемна, калі яго нечакана перавядуць з вядучых майстроў у ніжэйшую катэгорыю — калі раптам апынецца, што ў тэатры вядучых больш, чым вызначыў Мінкульт. А такое цалкам магчыма.

Паводле словаў дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Палякова, чыноўнікі Мінкульта збіралі меркаванні сярод кіраўнікоў тэатраў наконт сваёй прапановы. І нават прасілі выказаць пажаданні ў адказ.

Павел Палякоў: “Міністэрства, перш чым нешта зрабіць, у кожны тэатр накіроўвала гэтыя звесткі для таго, каб мы далі сваю інфармацыю і тое, што мы хочам. І мы накіравалі свае прапановы. Пажаданні, скажам так”.

ЕРБ: “Ці ўлічылі вашыя пажаданні?”

Павел Палякоў: “Ну… Не зусім”.

Ад адказу на пытанне, колькі зараз у тэатры вядучых майстроў сцэны, дырэктар Купалаўскага ўхіліўся. Як і ад каментароў на тэму іх магчымага скарачэння ў будучым. Але зазначыў, што заўсёды можа знайсці сродкі, каб даплаціць таленавітаму, але “нізкакваліфікаванаму” акцёру.

Павел Палякоў: “Ёсць маса іншых спосабаў. Ніхто яшчэ фонды не адмяніў. Можна стымуляваць іншымі метадамі”.

Пры гэтым заробкі акцёраў таго ж Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы вартыя жалю — 700-800 тысяч. І Святлана Зелянкоўская — дарэчы, нават не майстар сцэны, а актрыса вышэйшай кваліфікацыі — раіць шукаць іншыя сродкі забяспечыць сябе.

Святлана Зелянкоўская: “Напэўна, трэба больш здымацца ў кіно і менш залежаць ад дзяржавы, калі атрымліваюцца такія сітуацыі”.

Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў называе гэтую пастанову спробай чыноўнікаў “паверыць алгебрай гармонію” — пацвердзіць свае статыстычныя дадзеныя доказамі мастацкага росту.

Патлумачыць неабходнасць з’яўлення праекта пастановы “Аб тыпавых штатах мастацка-артыстычнага персаналу тэатральна-відовішчных арганізацый у мэтах упарадкавання структуры дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый” Еўрарадыё папрасіла начальніка ўпраўлення мастацтваў Мінкульта Міхаіла Казловіча. Але той катэгарычна адмовіўся ад любых каментароў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі