Мінск запрапануе Маскве разлічвацца за газ беларускімі рублямі
За расійскі газ на тэрыторыі Беларусі афіцыйны Мінск хоча разлічвацца беларускімі рублямі, а не замежнай валютай. Такая мера прадугледжаная ў Стратэгіі павышэння даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года. Дакумент распрацаваны ўрадам і Нацбанкам Беларусі.
Адпаведныя змены прапаноўваецца ўнесці ў пагадненне з расійскім урадам. Цяпер цана за газ разлічваецца ў доларах.
"У мэтах павышэння даверу да беларускага рубля мяркуецца разгляд пытання аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі, якія выключаюць магчымасць ажыццяўлення разлікаў у замежнай валюце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паміж рэзідэнтамі за прыродны газ", — адзначаецца ў дакуменце.
Аўтары адзначаюць, што высокі ўзровень даларызацыі эканомікі Беларусі зніжае яе ўстойлівасць да знешніх шокаў і стварае рызыкі для фінансавай стабільнасці.
Мэтай Стратэгіі называецца набліжэнне долі нацыянальнай валюты ў шырокай грашовай масе і ў патрабаваннях банкаў да 80%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.