Мінскае "Дынама" перамагло маскоўскіх аднаклубнікаў — 3:2 (відэа)

13 студзеня хакеісты мінскага "Дынама" атрымалі чарговую перамогу ў чэмпіянаце КХЛ. На гэты раз, у цяжкай барацьбе, было пераможана маскоўскае "Дынама" — 3:2 (1:0, 0:0, 1:2, 0:0, 1:0). Лік на 2-й хвіліне адкрыў Дзмітрый Мялешка. На 42-й хвіліне Шарль Лінгле не рэалізаваў буліт. Мінімальная перавага мінчукоў трымалася да 53-й хвіліны, калі Аляксандр Осіпаў закідвае шайбу ў большасці — 1:1. Аднак на 57-й Раян Веске зноў выводзіць мінчукоў наперад. Ужо праз хвіліну лік быў роўны — 2:2, у большасці вызначыўся Максім Салаўёў.

У авертайме закінутых шайбаў не было, усё вырашыла серыя булітаў. Веске і Андрэй Сцяпанаў закінулі шайбы, а госці свае дзве спробы не рэалізавалі (браму абараняў Ларс Хаўген). Перамога, чацвёртая запар!

Адзначым, што на "Мінск-Арэне" ў чарговы раз быў аншлаг — 15086 гледачоў.

У дынамаўцаў цяпер 81 ачко пасля 44 матчаў. Яны па-ранейшаму займаюць 5-е месца ў канферэнцыі "Захад", але адставанне ад маскоўскіх аднаклубнікаў скарацілася да 8 ачкоў.

15 студзеня "Дынама" прымае на сваёй пляцоўцы "Лакаматыў" з Яраслаўля, пачатак а 19-й гадзіне.

Фота: ХК "Дынама" (Мінск)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі