Мінскае "Дынама" ў гасцях прайграла па булітах "Віцязю" — 1:2 (відэа)
У чацвер у Падольску ў лядовым палацы "Віцязь" каманда Аляксандра Андрыеўскага правяла чарговы матч чэмпіянату КХЛ.
Адзначым, што сапернікі на сённяшні дзень займалі апошнія месцы ў Заходняй канферэнцыі. Калі ў першым перыядзе была роўная гульня, дык у другім перыядзе "Віцязь" меў перавагу. Па тых жа кідках гаспадары пляцоўкі былі наперадзе 18:7! Аднак пасля двух перыядаў выйгравалі мінчукі, шайбу закінуў Мацярухін на 36-й хвіліне (гэта яго другая шайба ў матчах за "Дынама"). Ён удала згуляў на дабіванні пасля адбітага кідка Плата.
У трэцім перыядзе таксама лепш выглядаў "Віцязь", але "Дынама" трымалася да 54-й хвіліны, калі Шыцікаў здолеў лік зраўняць. У авертайме камандам вызначыцца не ўдалося і былі прызначаныя буліты. Першы буліт рэалізаваў Іргл, а Плат і Мялешка перайграць брамніка не змаглі. Гаспадары пляцоўкі ўсе свае шанцы выкарысталі і выйгралі матч. "Дынама" заваявала 1 ачко.
"Дынама" гуляла ў наступным складзе: Хаўген; Крайчак — Гарошка, Іргл — Калюжны (капітан каманды) — Суравы, Міч — Філічкін, Яфіменка — Стась — Мялешка, Казнадзей — Шынкевіч, Мацярухін — Крыстак — Плат, Дадонаў — Кітараў — Захараў, Кірушчанкаў.
19 кастрычніка "Дынама" гуляе ў гасцях з казанскім "АкБарсам".
Лукашэнка пра хакейнае "Дынама": Агідна глядзець на некаторыя гульні!
Фота — hcdinamo.by