Мінскае "Дынама" верне "Карпатам" 430 тысяч долараў за трансфер Ковеля

Мінскае "Дынама" вырашыла вярнуць украінскім "Карпатам" 430 тысяч долараў, атрыманых за трансфер футбаліста Леаніда Ковеля.
Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве генеральнага дырэктара клуба Сяргея Карнеева. Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з трансферным кантрактам на арэнду футбаліста "Дынама" перадало "Карпатам" права на выкарыстанне паслуг 21-гадовага нападаючага на тэрмін з 26 лютага па 31 снежня 2007 года.

На гэты перыяд "Дынама" прыпыніла дзеянне асабістага кантракта з футбалістам. "Карпаты" выплацілі кампенсацыю ў памеры 70 тысяч долараў. Паводле заявы Карнеева, львавяне мелі права на набыццё 50% трансферных правоў на футбаліста, калі да 31 снежня пералічаць "Дынама" 430 тысяч долараў. Гэта было зроблена 21 лістапада. Карнееў падкрэсліў, што ў Ковеля ёсць дзейны кантракт з "Дынама" да 1 чэрвеня 2010 года, які быў ім падпісаны 23 лютага 2007 года.

“27 снежня 2007 г. Ковель звярнуўся з афіцыйнай заявай у ФК "Карпаты", у якой праінфармаваў кіраўніцтва аб адмове падпісваць новы працоўны дагавор у сувязі з нязгодай з прапанаванымі фінансавымі ўмовамі і прасіў звольніць яго з працы і канчаткова з ім разлічыцца ў сувязі з завяршэннем працоўнага дагавора і тэрміну арэнды”, — піша Карнееў.

Паводле яго слоў, 26 снежня Ковель звярнуўся з заявай у "Дынама" аб вяртанні ў клуб. Цяпер Ковель знаходзіцца ў расійскім ФК "Сатурн" (Раменскае), з якім падпісаў пяцігадовы кантракт.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі