Мінскае “Юнацтва” стала чэмпіёнам Беларусі па хакеі
Мінскае “Юнацтва” стала пераможцам рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакеі. Пасля 42 гульняў каманда набрала 95 ачкоў. Другое месца дасталася салігорскаму “Шахцёру” (93 ачкі), трэцяе — “Гомелю” (86 ачкоў).
У заключным матчы першынства краіны “Юнацтва” 20 лютага прымала “Гомель” на “Чыжоўка-Арэне” і выйграла з лікам 3:1.
Цягам сезону паміж “Юнацтвам” і “Шахцёрам” ішла жорсткая барацьба за лідарства: ніводная каманда не магла замацавацца на вышэйшай пазіцыі ў турнірнай табліцы і істотна адарвацца ад канкурэнта. “Юнацтва” то выходзіла на першае месца, то апускалася на другую і нават трэцюю пазіцыю, але ў выніку змагло вырваць перамогу.
Чэмпіёнскі тытул забяспечвае клубу ўдзел у еўрапейскім турніры ў наступным сезоне. “Юнацтва” атрымала месца ў Кантынентальным Кубку, які двойчы ў сваёй гісторыі выйгравала. У выпадку паспяховага выступу ў плэй-оф экстралігі каманда атрымае магчымасць згуляць і ў Лізе чэмпіёнаў.