Мінскі асілак Усцінаў едзе біць мацнейшага баксёра Бразіліі

Да бою з Рафаэлем Зумбана беларус рыхтаваўся за ўніверсітэцкімі канспектамі
Паядынак Усцінаў-Зумбана адбудзецца ўначы з суботы на нядзелю ў нямецкім Штутгарце. На гэтым жа турніры свой тытул чэмпіёна свету будзе адстойваць Віталь Клічко, дарэчы, прамоўтэр нашага беларускага баксёра.



Еўрарадыё злавіла Аляксандра Усцінава і яго трэнера, калі тыя ад'язджалі ў Нацыянальны аэрапорт. Уладзімір Задзіран, трэнер баксёра, расказаў нам пра бой:

"Спачатку мы павінны былі змагацца з амерыканцам. Але ён атрымаў на трэніроўцы рассячэнне, і быў заменены на бразільца. Рост нашага суперніка 196 сантыметра, каля 110 кілаграмаў. Кажуць, што лепшы баец Бразіліі. Але паглядзім (усміхаецца — Еўрарадыё)".

Уладзімір Задзіран гаварыў пра будучы бой іранічна. Справа ў тым, што наш Аляксандр Усцінаў перамог ва ўсіх паядынках сваёй баксёрскай кар'еры, а Віталь Клічко назваў беларуса будучым чэмпіёнам свету. Прынамсі тытул чэмпіёна Еўропы сярод прафесіяналаў Усцінаў ужо выйграў, у канцы лютага гэтага года. Пасля гэтага наш асілак паспеў вярнуцца ў сталіцу і здаць сесію ў Мінскім інстытуце правазнаўства.

"Усё нармальна, сесію здаў добра, нармальныя адзнакі, — кажа Аляксандр, загружаючы валізу ў багажнік. — Лячу ў Штутгарт са спакойнай душой і думаю толькі пра бой".

Трэба сказаць, што Рафаэль Зумбана — баец не менш тытулаваны за беларуса. Ён з'яўляецца чэмпіёнам іспанамоўных краін у версіі WBC. З 25 паядынкаў у сваёй кар'еры перамог у дваццаці, чатыры прайграў і адзін раз пабіўся ўнічыю.

Будзем трымаць за Усцінава кулакі.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі