Мінюст збіраецца пакараць КХП-БНФ за ліст пра асіміляцыю

Міністэрства юстыцыі пісьмова папярэдзіла Кансерватыўна-хрысціянскую партыю-БНФ. Падставай для гэтага стаў ліст “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва”, які партыя сёлета дасылала беларускім чыноўнікам (сярод іх і прэм’ер-міністру). Мінюст палічыў, што дакумент “накіраваны на фармаванне варожасці, нянавісці да рускай нацыянальнасці”, і што ў ім змешчана “тэндэнцыйная інфармацыя ў адносінах палітыкі Расійскай федэрацыі і Рэспублікі Беларусь па збліжэнню расійскага і беларускага народаў”.

Адзін з лідэраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Юрась Беленькі мае іншы погляд на змест ліста:

“Гэты ліст рассылаецца масава, па ўсёй Беларусі. Яго атрымліваюць і чыноўнікі выканаўчых камітэтаў, і судоў, і пракуратуры, і суб’ектаў гаспадарання і г. д. Гэты ліст накіраваны супраць палітыкі асіміляцыі, якая праводзіцца ў Беларусі, у абарону правоў беларусаў”.

Між тым Мінюст папярэджвае, што калі партыя не выправіць парушэнні, будзе пастаўленае пытанне пра яе ліквідацыю.

Паводле словаў Беленькага, “з пункту гледжання заканадаўства такое папярэджанне нічым не можа пагражаць, яно можа быць адменена, бо абсалютна не грунтуецца на дзеючым заканадаўстве”.

Ліст “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва” можна паглядзець тут. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі