Місія МВФ праверыць, як Беларусь рэалізуе праграму эканамічных рэформаў

29 красавіка ў Мінску пачне працу місія Міжнароднага валютнага фонду па аглядзе рэалізуемай беларускімі ўладамі праграмы. Як паведамляе БелаПАН, яна ацэніць выкананне мераў, закладзеных у праграме, правядзе з гэтай мэтай шэраг сустрэч у Нацыянальным банку і іншых органах дзяржаўнай улады.

Па выніках візіту, які працягнецца па 13 траўня, місія падасць справаздачу ў штаб-кватэры МВФ у Вашынгтоне, затым яна будзе абмяркоўвацца Саветам дырэктараў МВФ. Толькі пасля гэтага будзе прынята рашэнне пра выдачу альбо адмову ў вылучэнні наступнага транша. Як адзначаюць у прадстаўніцтве МВФ, па арганізацыйных прычынах гэта адбудзецца не раней за чэрвень.

Нагадаем, што Выканаўчы савет МВФ 12 студзеня 2009 года ўхваліў праграму stand-by для Беларусі ў аб'ёме каля 2,46 млрд долараў пад рэалізацыю разлічанай на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года) праграмы эканамічных рэформаў. Першы транш крэдыту ў 788 млн долараў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі павінны пералічвацца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.

Улады Беларусі раней заяўлялі, што чакаюць паступленне чарговага транша (у памеры каля 400 млн долараў ЗША) сёлета ў траўні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі