Мітрапаліт Філарэт атрымае зварот у справе крыжа ў вёсцы Дражна

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі прапануюць мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту абмеркаваць сітуацыю вакол мемарыяльнага крыжа, усталяванага грамадскасцю ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці і дэмантаванага пасля паводле рашэння мясцовых уладаў.  Адпаведны зварот быў дасланы 19 чэрвеня. Яго падпісалі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні Інстытута нацыянальнай памяці доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевіч, пісьменнік Васіль Якавенка і намеснік старшыні секцыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Раманоўскі.

Нагадаем, 19 красавіка сёлета ў Дражна быў усталяваны і асвечаны шасціканцовы крыж св. Ефрасінні Полацкай у памяць мірных жыхароў, забітых у 1943 годзе савецкімі партызанамі. У цырымоніі ўдзельнічалі і відавочцы той трагедыі. Аднак праз некалькі дзён улады арганізавалі дэмантаж крыжа, яго перавезлі на тэрыторыю царквы вёскі Залужжа ў пяці кіламетрах ад Дражна.

У лісце, у прыватнасці, адзначаецца, што напярэдадні Вялікадня 1943 года адным з партызанскіх атрадаў з удзелам супрацоўнікаў НКВД былі спаленыя 37 дамоў і забітыя 25 мірных жыхароў. Яго аўтары падкрэсліваюць, што памятны крыж быў усталяваны па ініцыятыве секцыі "Мемарыял" каля вясковых каталіцкіх могілак, на якіх і пахаваныя многія ахвяры гэтай трагедыі.

Як нагадвае БелаПАН, раней за ўдзел у устаноўцы крыжа былі пакараныя 15 суткамі арышту старшыня секцыі "Мемарыял" Вячаслаў Сіўчык і журналіст, аўтар кнігі "Кроў і попел Дражна" Віктар Хурсік. Праваслаўны святар Леанід Акаловіч быў аштрафаваны за асвячэнне крыжа на суму 1 мільён 50 тысяч рублёў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі