"Моладзь БНФ" мае намер працягваць кампанію "За прафесійную армію"

Маладзёвая арганізацыя Партыі БНФ "Моладзь БНФ" сумесна з іншымі арганізацыямі мае намер працягваць кампанію "За прафесійную армію", паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Антон Каліноўскі.

"Моладзь БНФ" у межах кампаніі "За прафесійную армію" будзе змагацца за кожнага чалавека, за кожнага актывіста дэмакратычных арганізацый, якіх прызываюць у армію, — падкрэсліў А.Каліноўскі. — Мы будзем звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб нам растлумачылі, чаму не дзейнічае палажэнне Канстытуцыі аб магчымасці альтэрнатыўнай службы, чаму фальсіфікуюцца дыягназы. Мы будзем пратэставаць супраць парушэння ўрачамі медкамісій клятвы Гіпакрата пры вынясенні дыягназу "прыдатны" непрыдатным да службы ў арміі людзям".

Лідэр маладзёжнай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Міхаіл Пашкевіч зазначыў, што на гэтую кампанію трэба зірнуць шырэй. "Час для прафесійнай арміі ў Беларусі ўжо надышоў. Мы жывём у XXI стагоддзі. Беларусь знаходзіцца паміж дзвюма буйнымі ваеннымі сіламі — Расіяй і НАТО. Смешна казаць пра тое, што два зводы мотапяхоты змогуць абараніць Беларусь. Непрафесійная армія нам проста не патрэбна", — заявіў М.Пашкевіч.

"З майго пункту гледжання, цяперашняя армія ў Беларусі — гэта анахранізм", — дадаў ён.

Як зазначыў адказны сакратар "Моладзі БНФ" Антон Койпіш, гвалтоўны прызыў у армію Івана Шылы і Франака Вячоркі — толькі "вяршыня айсберга". "На працягу апошняга года ў армію пайшлі некалькі дзесяткаў актывістаў арганізацыі — тых, хто быў прызнаны прыдатным да ваеннай службы і якія прынялі рашэнне адслужыць у арміі. Так што пытанне прафесійнай арміі для нас вельмі актуальнае", — сказаў А.Койпіш.


БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі