"Моладзь БНФ" запрасіла БРСМ на Дзень Волі
7 сакавіка Рада "Моладзі БНФ" накіравала ліст да кіраўніцтва БРСМ. Апазіцыйная структура прапанавала дзяржаўнай разам адсвяткаваць 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Запрашэнне датычыць дазволенага ўладамі канцэрта, які адбудзецца 25 сакавіка бліз Вялікага тэатра оперы і балету ў Мінску.
"Дзякуючы мужнасці і еднасці тых людзей, якія зрабілі першы крок да самастойнасці і незалежнасці нашай краіны, вашая арганізацыя існуе ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь", — цытуе "Белсат" заяву "Моладзі БНФ".
У каментары Радыё "Свабода" другі сакратар ЦК БРСМ Эліна Брага паведаміла, што пра такое запрашэнне чуе ўпершыню. У арганізацыі гатовыя разгледзець прапанову "Моладзі БНФ" пасля таго, як яе атрымаюць. Разам з тым Брага адзначыла, што БРСМ не планаваў адзначаць Дзень Волі.