МУС лічыць праблему нелегальных гастарбайтэраў неактуальнай для Беларусі

Для Беларусі не актуальная праблема нелегальных гастарбайтэраў. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення вонкавай працоўнай міграцыі, уцекачоў і сховішча дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксандр Татура. Па ягоных словах, замежнікі, якія займаюцца працоўнай дзейнасцю ў Беларусі, знаходзяцца ў краіне на законных падставах, інфармуе БелаПАН.

Адказваючы на пытанне пра выхадцаў з Сярэдняй і Паўднёваўсходняй Азіі, якія працуюць у Беларусі, Аляксандр Татура сказаў, што яны збольшага прыбылі ў Беларусь яшчэ ў часы СССР і на цяперашні час легалізаваныя. Кажучы пра новапрыбылых працоўных мігрантаў з В'етнама, прадстаўнік МУС заўважыў, што па афіцыйнай статыстыцы іх колькасць нязначная.

У апошні час, па словах чыноўніка, у краіне актыўна працуюць дзелавыя прадстаўніцтвы Кітая. Яны займаюцца ў ліку іншага будаўніцтвам і прыцягваюць кітайскіх спецыялістаў для рэалізацыі сваіх праектаў.

Пры гэтым Аляксандр Татура паведаміў, што ў прымежных раёнах Беларусі, у асноўным на мяжы з Украінай, праваахоўныя органы часам сутыкаюцца з праблемай нелегальных працоўных мігрантаў. Яны прыязджаюць у сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Беларусі на сезонныя працы. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра адзінкавыя выпадки, калі выяўляюць 5—15 нелегальных мігрантаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі