Музыкі назвалі "Басовішча" фестывалем эканом-класа
Прайшоў першы дзень юбілейнага дваццатага "Басовішча" ў польскім Гарадку.
Беларускія музыкі ўжо паспелі ахрысціць "Басы" фестывалем эканом-класа. Гурты скардзяцца на апаратуру, якая ў гэтым годзе куды горшая, чым раней.
Перадае наш карэспандэнт Віталь Малькевіч:
"Многія гурты скардзяцца на апарат. Ён куды горшы, чым у мінулыя гады. А гурту "Зніч" нават не далі стойку для клавішаў. І іх прыйшлося прымацоўваць на нейкія скрынкі.
Учорашні канцэрт скончыўся недзе а 3 гадзіне выступам гурта "Сцяна". А потым, да самай раніцы працягвалася дыскатэка. Таксама, ўчора выступалі: Рахіс з электроннай праграмай, Тарпач, Унія, B:N, BAN-ZHVIRBA, Зніч і IQ48.
Што цікава, гэтым разам вельмі шмат намётаў, хаця людзей не так шмат. Многія не змаглі прыехаць з-за візаў, хтосьці проста не здолеў даехаць".
У Гарадку свеціць сонца. Людзі перацягнуліся на пляж, загараць і купацца.
Ужо пачаўся саўнд чэк. Сёння выcтупаюць гурты SOK, ДзеціДзяцей, Жнюв, ULIS, Нейра Дзюбель, Крама у стылі Бонды, польскі гурт LAO CHE і закончыць "Басовішча-2009" N.R.M. з песнямі Мроі.
Неўзабаве чакайце на нашым сайце рэпартаж з "Басоў"
Фота: naviny.by