"Мы ямо толькі адзін раз на дзень": палова насельніцтва Газы галадае
Гуманітарная дапамога заязджае ў сектар Газа
Палова насельніцтва Газы галадае, цытуе ВВС высокапастаўленага прадстаўніка ААН, намесніка дырэктара Сусветнай харчовай праграмы Карла Скау.
У некаторых рэгіёнах Газы сітуацыя асабліва крытычная. Там дзевяць з дзесяці сем'яў не могуць сабе дазволіць есці кожны дзень і праводзяць "цэлы дзень і ноч зусім без ежы", кажа ён.
Доктар Ахмед Маграбі, які кіруе аддзяленнем пластычнай хірургіі і апёкаў у адным са шпіталяў Газы, насілу стрымваў слёзы, калі расказваў ВВС пра нястачу ежы.
"У мяне ёсць дачка трох гадоў, яна заўсёды просіць у мяне прысмакаў, яблыкаў, садавіны. Я не магу іх даць. Я пачуваюся бездапаможным, -—сказаў ён. — Ежы бракуе, ежы недастаткова. Толькі рыс, толькі рыс, можаце паверыць? Мы ямо толькі адзін раз на дзень".
Умовы, што склаліся ў Сектары Газа, зрабілі харчовыя пастаўкі амаль немагчымымі.
Перасоўванне па сектары Газа і выезд з яго былі абмежаваны 7 кастрычніка, калі баевікі ХАМАС напалі на Ізраіль, забіўшы 1,2 тыс. чалавек і ўзяўшы 240 закладнікаў. У адказ Ізраіль закрыў межы з Газай і пачаў наносіць авіяўдары па гэтай тэрыторыі, абмяжоўваючы пастаўкі дапамогі. Міністэрства аховы здароўя, што кіруецца ХАМАСам, паведамляе, што з таго часу ў сектары загінулі ўжо больш за 17 тыс. жыхароў, у тым ліку 7 тыс. дзяцей.
Ізраіль заяўляе, што змушаны працягнуць паветраныя ўдары па сектары Газа, каб знішчыць ХАМАС і вярнуць дадому ізраільскіх закладнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.