Мытня заробіць на ўнітазах і газавых плітах

Еўрарадыё вырашыла параўнаць, як зменяцца мытныя пошліны праз 60 дзён з пачаткам дзеяння новага Указу “Аб ільготным перамяшчэнні праз мытную мяжу тавараў для ўласнага карыстання”, датычнага перавозу праз мяжу тавараў турыстамі. Толькі даведацца пра тое, што сабой ўяўляюць новыя льготы, з апублікаванага ў СМІ дакумента было немагчыма. Дзяржаўная прэса і тэлебачанне паведаміла толькі прыемныя навіны -- што плаціць за правоз пылалосаў і відэамагнітафонаў больш не трэба. І замест аднаго беларускія мытнікі дазволяць правозіць 2 літры спіртнога.

Перш за ўсё Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні да выканаўцаў мытных законаў. Выканаўца абавязкаў начальніка аддзела арганізацыі мытнага кантролю мытнага пераходу “Заходні Буг” Юрый Бандарчук нічога канкрэтнага на гэты конт адказаць не змог.

Юрый Бандарчук: “Ведаеце, ён яшчэ толькі да нас прыйшоў. І мы зараз знаходзімся ў стадыі яго вывучэння”.

Зразумець што-небудзь наконт будучых ільгот чалавеку, далёкаму ад шопінг-турызму, з пераліку мытных пошлін на адзінку альбо кілаграм тавару складана. Еўрарадыё параўнала дзеючыя сёння памеры мыты з тымі, што будуць уведзеныя.

Галоўная навіна -- праз 60 дзён асабістых рэчаў можна будзе правозіць на 15 кілаграмаў менш. Сёння такіх рэчаў можна правозіць 50 кг, а з 15 снежня – 35 кг. Прадуктаў харчавання па-ранейшаму можна правозіць толькі 5 кг. Калі везяцё больш -- за кожны кілаграм давядзецца заплаціць па 2 еўра. І толькі ў перыяд з 1 чэрвеня да 31 кастрычніка для краін СНД дзейнічае дазвол, калі можна правозіць да 30 кілаграмаў харчовых прадуктаў без мыты.

Так, калі сёння мыта для газавай пліты складае 25 еўра, электрычнай -- 30, а для кухоннага камбайна і выцяжкі – 10, то па новым законе трэба будзе заплаціць 50 еўра для пліт і 25 еўра, адпаведна, для іншых прыладаў. За мікрахвалёўку плацілі 15, а зараз -- 25 еўра. Значна вырасла мыта на будаўнічыя матэрыялы. Пакуль яна складае 2 еўра за кілаграм. З 15 снежня стане 4 еўра. У чатыры разы больш давядзецца плаціць за ўвоз сантэхнічнага абсталявання: замест 1 еўра за кілаграм – 4. Сёння за ўнітаз вагой 15 кілаграм вы на мяжы заплаціце 15 еўра, а праз пэўны час мыта складзе ўжо 60.

Параўнаць, чым яшчэ адрозніваецца новы “льготны” Указ ад Указа звычайнага можна, прагледзеўшы далучаныя ніжэй дакументы.

Найменне тавараў

было

стала

1. будаўнічыя матэрыялы

2 еўра за 1 кг

4 еўра за 1 кг

2. пліты газавыя кухонныя

25 еўра за 1 штуку

50 еўра за 1 штуку

3. выцяжкі хатнія

10 еўра за 1 штуку

25 еўра за 1 штуку

4. кухонныя камбайны

10 еўра за 1 штуку

25 еўра за 1 штуку

5. печкі мікрахвалёвыя

15 еўра за 1 штуку

25 еўра за 1 штуку

6. халадзільнікі-лядоўні

50 еўра за 1 штуку

50 еўра за 1 штуку

7. халадзільнікі

40 еўра за 1 штуку

40 еўра за 1 штуку

8. лядоўні да 250 л, да 900 л

40 і 80 еўра за 1 штуку

40 і 80 еўра за 1 штуку

9.сантэхнічнае абсталяванне

1 еўра за 1 кг

4 еўра за 1 кг

10. машыны пральныя да 6 кг, да 10 кг, да 15 кг.

50, 60 і 110 еўра за штуку

50, 60 і 110 еўра за 1 штуку

11. камп’ютарныя маніторы 15, 17 і 19 цаляў

50, 80 і 110 еўра за 1 штуку

50, 80 і 110 еўра за 1 штуку

12. тэлевізары з экранам да 42, 52, 72, звыш 72 см.

30, 30, 60, 110 еўра за 1 штуку

30, 30, 60, 110 еўра за 1 штуку

13. тэлевізары з вадкакрышталёвым экранам да 43 цаляў і больш

500 і 1000 еўра за 1 штуку адпаведна

500 і 1000 еўра за 1 штуку адпаведна

14. катлы цэнтральнага ацяплення

Раней у спісе не былі

100 еўра за 1 кацёл

15. запчасткі да транспартных сродкаў

Раней у спісе не былі

2 еўра за 1 кг


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі