МЗС Беларусі выступіў з заявай пра сітуацыю ў Нагорным Карабаху
Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з падзеямі вакол Нагорнага Карабаха, дзе ў суботу пачаліся баі паміж армянскімі і азербайджанскімі падраздзяленнямі, ёсць дзясяткі ахвяр.
"Рэспубліка Беларусь глыбока занепакоеная аднаўленнем актыўных баявых дзеянняў з прымяненнем цяжкіх відаў узбраенняў у раёне Нагорнага Карабаху, — гаворыцца ў заяве. — Як краіна-чалец Мінскай групы АБСЕ паслядоўна выступаем за мірнае вырашэнне канфлікту ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, перш за ўсё, на аснове захавання і забеспячэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў дзяржаў, а таксама адпаведных рэзалюцый Савета Бяспекі ААН і рашэнняў АБСЕ".
МЗС нашай краіны заклікае бакі канфлікту "неадкладна спыніць агонь і пазбягаць любых крокаў, якія вядуць да росту напружанасці і чалавечых ахвяр". Беларусь разлічвае, што сустаршыні Мінскай групы АБСЕ "пры падтрымцы ўсіх дружалюбных Азербайджану і Арменіі краін выкарыстаюць свой аўтарытэт і ўплыў для забеспячэння дээскалацыі і вяртання да пошуку вырашэння карабахскай праблемы за сталом перамоваў".