МЗС: "Спіс невыязных з краіны могуць стварыць як меру ў адказ"
Беларускі МЗС пацвярджае Еўрарадыё, што тэарэтычна стварэнне спісу невыязных з краіны магчымае. Тым не менш абвяргае інфармацыю пра колькасць людзей у спісе.
Андрэй Савіных: "Я думаю, што ўсе чуткі, якія вы маеце па колькасцях і па персаналіях, — гэта не больш, чым чуткі".
Еўрарадыё: "А тэарэтычна стварэнне такога спісу магчыма?"
Андрэй Савіных: "Натуральна, у якасці меры ў адказ".
Калі такі спіс будзе створаны, прозвішчы публікавацца не будуць, дадае прэс-сакратар МЗС. А ўсю інфармацыю, якая ўжо з’явілася, называе правакацыяй.
Андрэй Савіных: "Гэта ўсё домыслы, і хутчэй за ўсё выглядае як правакацыя. Або ў нас з’явіліся нейкія дабравольныя памочнікі — але мы ў іх дапамозе не маем патрэбы".
Пра тое, што беларускія ўлады могуць абмежаваць выезд з краіны тым, хто заклікаў да санкцый супраць рэжыму, паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва краіны. У спісе нібыта значыцца 108 прозвішчаў. У іх ліку былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.