На аўкцыёне ў Мінску за 82 000 долараў прададзена аднапакаёвая кватэра

Вядучы аўкцыёна знакаміты беларускі шоўмэн Віктар Шалкевіч здекаваўся з мільянераў.

У Мінску прайшоў першы адкрыты аўкцыён па продажы кватэраў.

Было распрададзена 19 кватэраў у новым доме па вуліцы Прытыцкага, 49.

На чарзе яшчэ тры аўкцыённыя дні. Увесь аўкцыён падзяляецца на чатыры часткі па колькасці пад’ездаў у доме.

У ролі арганізатараў мерапрыемства выступіў “Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці”. У якасці прадаўца Акцыянернае таварыства “МАПИД”, якое непасрэдна займалася будаўніцтвам самога дома. Вядучым аўкцыёна быў Віктар Шалкевіч.

За 175 мільёнаў, амаль на 120 адсоткаў даражэй за першапачатковы кошт, была прададзена аднапакаёвая кватэра. Кошт астатніх узняўся прыкладна ўдвая. Зразумела, што самай дарагой была чатырохпакаёвая кватэра. Выстаўлялася яна за 190 мільёнаў, а “пайшла з малатка” за 362 мільёны.

Не абыйшлося і без маленькіх эксцэсаў. Высветлілася, што беларусы не прызвычаіліся да такіх аўкцыённых сумаў.

Віктар Шалкевіч: “Крок у аўкцыёне складае ад 5 да 15 адсоткаў. Не менш 5 і не больш 15. Калі я назваў першую суму 210, то наступная 225”

Калі 210 мільёнаў за двухпакаёвую кватэру былі гатовыя аддаць свае грошы тры ўдзельнікі аўкцыёну, то за 225 ніводнага.

Віктар Шалкевіч: “Калі вы будзеце сябе так паводзіць мы проста здымем гэты аб’ект з продажу. Па рашэнні камісіі мы маем права гэта зрабіць”.

Але Віктар адразу знайшоў выйсце і лот усё ж такі быў прададзены за 222 мільёны:

Віктар Шалкевіч: “Сябры мае. Калі вам не падабаецца велічыня кроку, я ж, памятаеце, вам казаў, каб вы прапанавалі свой. Толькі старайцеся зрабіць гэта гучна, каб мы пачулі”.

Але ж далёка не ва ўсіх атрымалася пачуць доўгачаканае: “Прададзена. Вы мужна змагаліся. Падпішыце пратакол”.

Тыя, хто прыняў удзел у першым аўкцыёне і не змог набыць сабе кватэру могуць аўтаматычна спаборнічаць у наступных трох.

Віктар Шалкевіч: “Памятайце, што тыя, хто сёння ўдзельнічаў у аўкцыёне, але не выйграў, могуць перанесці свае задаткі на наступны аўкцыён. Вам проста трэба будзе да апошняга дня прыёму дакументаў напісаць заяву ў арганізацыйную камісію і вам перанясуць задатак”.

Дый зарэгістравацца яшчэ не позна. Нагадаем, што прыняць удзел ва аўкцыёне можа кожны грамадзянін Беларусі, які здольны выплаціць увесь кошт кватэры ў чатырнаццацідзённы тэрмін.

Для гэтага спачатку трэба падаць заяву арганізатару, заплаціць рэгістрацыйны ўнёсак 45 тысяч рублёў, які не вяртаецца нават тады, калі набыць кватэру ў вас не атрымаецца, і ўнесці задатак у суме 10 адсоткаў ад пачатковага кошту лота. Але гэты задатак у дзесяцідзённы перыяд вернецца да гаспадара, у выпадку пройгрышнага варыянта.

На працягу ўсяго аўкцыёну не раз гучалі жарты. Апошнія словы вядучага былі не выключэннем:

Віктар Шалкевіч: “Дзякуй вам, дзякуй. Выходзьце спакойна. Вы ж мільянеры, нармальныя людзі. Не душыцеся ў праходах”.

Нягледзячы на тое, што кошт на кватэры падняўся прыблізна ў два разы ад заяўленай сумы, ён быў рэальным і блізкім да камерцыйнага.

Нагадаем, што наступны аўкцыён адбудзецца 8 жніўня. Заяву на удзел у ім можна падаць да 5 гадзінаў вечара за дзень да мерапрыемства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі