На беларуска-літоўскую мяжу прыедуць Skunk Anansie і Empire Of The Sun

Гэтыя гурты стануць хэдлайнерамі фэсту Be2geter, які распачнецца ў Літве праз тры месяцы.
Фэст Be2gether — самы блізкі да Беларусі еўрапейскі фестываль — пройдзе ўжо чацвёрты раз. Калі ў мінулым годзе праграма была “на аматара” — галоўным гуртом запрасілі амераканска-украінскіх буянаў Gogol Bordello, якія граюць цыганскі панк, то ў гэтым годзе вырашылі задаволіць фанаў электрапопу і року.

За акустычны электрапоп адказваць будзе малады аўстралійскі дуэт Empire Of The Sun, які, дзякуючы дэбютнаму альбому Walking on a Dream, стаў суперпапулярным у Аўстраліі, а дзякуючы Бі-бі-сі, стаў вядомым і на нашым кантыненце. Музыка ў “Імперыі Сонца” даволі спакойная, і публіку яны заводзяць пераважна якасным касцюміраваным, светлавым і танцавальным шоў.

Адказнымі за рок на Be2geter будуць Skunk Anansie. Гурт, які на 9 гадоў выпаў з сусветнага рок-жыцця, зусім нядаўна сабраўся зноў і, як аказалася, не страціў сваёй папулярнасці — квіткі на іх канцэрты ў Еўропе разлятаюцца імгненна. Пра сваю актуальнасць музыкі таксама не турбуюцца — кажуць, свет мала змяніўся за апошняе дзесяцігоддзе, таму іх старыя песні вельмі “у тэму”. Тым не менш, Skunk Anansie актыўна працуюць над новай праграмай, магчыма, можна чакаць што-небудзь свежага і на фэсце ў Літве.
http://www.youtube.com/watch?v=XeBpUDKARS8

Таксама з міжнародных гасцей заяўлены электроннае рок-трыа з Даніі WhoMadeWho, якія асабліва цікава спяваюць пра сэнс жыцця.

Астатняя праграма будзе разбаўлена гуртамі з Літвы, Беларусі, Украіны, пра што ў хуткім часе арганізатары абяцаюць распавесці падрабязней.

Квіткі на фэст ужо ў продажы. Зараз прадаюць па 150 тысячаў, але колькасць іх абмежаваная. Максімальны кошт квіткоў будзе 350 тысячаў рубёў. Як і летась, каб трапіць на фестываль, шэнгенскую візу беларусы змогуць атрымаць бясплатна.

Фота: HotpixUK

Еўрарадыё на Be2gether 2009

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі