На беларуска-польскай мяжы чарга ў 15 кіламетраў

Польскія мытнікі на пункце пропуску “Казловічы” за тры гадзіны прапусцілі толькі 40 машын. Гэта ў 5 разоў менш, чым звычайна.

Сёння раніцай на пунктах пропуску беларуска-польскай мяжы “Варшаўскі мост” і “Дамачава” на працу не выйшла ўся змена польскіх мытнікаў, на астатніх пунктах працавала па адным мытніку. Яны патрабуюць павышэння заробку і паляпшэння ўмоў працы. Па словах старшага афіцэра па сувязі з грамадкасцю памежнага пераходу “Дамачава” Дзмітрыя Дзявятава, у 11 гадзін раніцы на блакаваных пераходах стала працаваць па адным мытніку, але яны прапускаюць толькі тыя машыны, якім не патрэбна афармленне. Афармленне ідзе вельмі павольна і марудна, таму чарга на ўезд на пункце “Казловічы” паспела ўжо расцягнуцца на 15 кіламетраў.

Дзмітрый Дзявятаў: Паціху плынь машын пачала ажыўляцца, вельмі-вельмі павольна. Калі для параўнання пункт пропуску за гэты час мог прапусціць у абодва бакі па сто машын, то на дадзены момант на ўезд у Рэспубліку Беларусь уехала 25 машын. На выезд яны прынялі толькі 15.

Дзмітрый Дзявятаў кажа Еўрарадыё, што страйк пачаўся толькі раніцай, таму вар’яцкіх пробак не паспела ўзнікнуць, аднак заўважыў, што на пункце пропуску “Казловічы” чарга з машын з польскага боку расцягнулася на 15 кіламетраў.

Дзмітрый Дзявятаў: Па словах кіроўцаў, на ўезд у Рэспубліку Беларусь чарга да 15 кіламетраў.

Супрацоўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Шчацінін кажа Еўрарадыё, што польскія мытнікі ўзнавілі працу і зараз прапускаюць машыны ў вялацякучым рэжыме. У асноўным, гэта экскурсійныя аўтобусы.

Ігар Шчацінін: Становішча больш-менш пачынае прасвятляцца, але пакуль у звычайны рытм пункт пропуску не ўвайшоў. У адным пункце стаіць 130 машын.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці перашкаджае страйк польскіх мытнікаў руху цягнікоў. Мы патэлефанавалі начальніку пасажырскай службы Беларускай чыгункі Юрыю Радзько. Ён запэўніў, што ніякіх збояў у працы чыгункі не было і не чакаецца.

Еўрарадыё: Як ідуць цягнікі? Па графіку ці не?
Юрый Радзько: Цягнікі ідуць нармальна, і пытанняў у нас не ўзнікае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі